wordpress themes.

Беларускі ручнік – твор крыніцкай думы народа.

ruchik-mini

На іх ад розных бед замовы,
Ва ўсе часы для нас яны –
Як сімвал матчынай любові,
Як знак людское дабрыні.
А.Нефрановіч

Ручнікі займаюць важнае месца ў беларускай культуры і звязаны з народнымі традыцыямі. У побыце беларусаў яны выконваюць разнастайныя абрадавыя функцыі: ручнікамі ўпрыгожваюць чырвоны кут з іконай у хатах, у ручнік загортваюць дзіця пры хрышчэнні, ручнік завязваюць цераз плячо свату, хлебам-соллю на ручніку сустракаюць маладых з царквы, даюць як абярэг у падарожжа, на ручніках апускаюць у магілу труну… У ручніках пераважаюць геаметрычныя ўзоры, у асноўным ромбы, гэта старажытная выява зямлі і ўрадлівасці, а маленькія ромбы азначалі заклінанні аб ураджаі, удачы, здзяйсненні жаданняў (дарэчы, на дзяржаўным сцягу Беларусі адлюстраваны гэты арнамент). Усе вышыўкі на беларускіх ручніках выконваюцца чырвоным колерам на белым фоне, бо чырвань – знак сонца, а значыць, жыцця.
Рыхтуючыся да свята 100-годдзя Латвійскай Рэспублікі і 15-годдзя Саюза беларусаў Латвіі, 15 культурна-асветніцкіх таварыстваў Саюза беларусаў Латвіі вырашылі вышыць агульны ручнік як дар, як сімвал дружбы і яднання нашых народаў. Сумесна з Мінскім прадпрыемствам “Тэатральныя майстэрыі” распрацавалі ідэі вышыўкі, арнаменты малюнкаў, размяшчэнне іх на сямімятровым палатне. Кожнае таварыства вышыла на ім сваю назву і горад пражывання, змясціла беларускі арнамент. Работа ішла два гады, і за яе ходам пільна сачыла ўся беларуская дыяспара.
І вось на заключным мерапрыемстве Дзён беларускай культуры ў Латвійскай нацыянальнай бібліятэцы 27 кастрычніка ўпершыню ручнік быў разгорнуты ва ўсёй сваёй прыгажосці перад шырокай публікай, і ў усхваляванай цішыні беларускі паэт Станіслаў Валодзька прачытаў свой верш, прысвечаны гэтай падзеі.

3C0A5664-600
А 23 лістапада ў час правядзення Латвійскага Форума нацменшасцей “Ад інтэграцыі да аб’яднанага грамадства” у Прэзідэнцкім палацы адбылася ўрачыстая перадача беларускага ручніка як сімвалічнага пажадання міра і дабрабыта ўсяму латвійскаму народу ў гонар 100-годдзя Латвійскай Рэспублікі і 15-годдзя Саюза беларусаў Латвіі Прэзідэнту Латвіі Райманду Вейонісу. Беларускую дэлегацыю ўзначальвалі старшыня Саюза беларусаў Латвіі Валянціна Піскунова і аўтар ідэі Алёна Лазарава, у склад дэлегацыі ўваходзілі прадстаўнікі таварыстваў “Уздым” (Даўгаўпілс), “Прамень” (Рыга), “Спатканне” (Екабпілс), “Мара” (Ліепая).

3C0A5648-600
У адказ спадар Прэзідэнт шчыра і сардэчна падзякаваў за цудоўны падарунак і адзначыў, што беларусы пражываюць у Латвіі на працягу многіх стагоддзяў, гэта зямля ім не чужая, яны сумленныя працаўнікі і добрыя суседзі, выразіў упэўненасць у далейшых добрых узаемаадносінах нашых народаў і пажадаў усёй беларускай дыяспары здароўя і дабрабыту.

Алёна Міцкевіч, член праўлення Саюза беларусаў Латвіі

Комментирование и размещение ссылок запрещено.

Комментарии закрыты.