wordpress themes.

Олайнэ сустракае сяброў

olaine 02

І песня зноўку сярод нас,
Хвалюе сэрцы, душы гоіць,
Напамінае пра былое
І светла аб наступным мроіць.

Есць цудоўная народная песня пра Рыгу “Rīga dimd, Rīga dimd! Кas to Rīgu dimdināj?” А мы, група актывістаў Рыжскага беларускага таварыства “Прамень” на чале з старшынёй Алёнай Лазаравай, у суботу 14 красавіка пераканаліся, што гудзе не толькі наша сталіца, а і невялічкі, але ўтульны і гасцінны гарадок Олайнэ. Аказваецца, ужо сёмы год вясной тут праводзіцца тыдзень славянскай культуры, і гэта стала традыцыяй. І нас, старэйшы ў Латвіі сярод творчых калектываў нацменшасцей ансамбль беларускай песні “Надзея”, які знаходзіцца пад крылом “Праменя”, запрасіў для выступлення Олайнскі культурны цэнтр пры падтрымцы мясцовага самакіравання. Наш ансамбль існуе з 1988 года. Ён традыцыйна ўдзельнічае ва Уселатвійскіх святах песні, у шматлікіх канцэртах і фестывалях народаў Латвіі, узнагароджаны многімі дыпломамі і граматамі як у Латвіі, так і ў Беларусі. У рэпертуары калектыва амаль 200 песень – есць аўтарскія, але аснову складаюць народныя. Наша кіраўніца Алёна Лазарава з радасцю дала згоду. “Гэта ж добра! І пазнаёмім жыхароў горада з пранізлівымі, задушэўнымі і чароўнымі беларускімі песнямі, сяброў новых прыдбаем, і, як гаворыць народная прыказка, “людзей паглядзім і сябе пакажам”.

 

olaine01
Праграма дня – вялікая. Спачатку – выстава “Мар’я-мастачка” у Олайнскім музеі гісторыі і мастацтва. Сапраўды, спрытныя і чулыя рукі ў мясцовых майстроў: цудоўныя малюнкі, вырабы па сістэме валяння, вышыўкі, вязаныя рэчы, жаночыя ўпрыгожанні, вырабы з ракавін, паперы, металу, лазы – чаго толькі няма! Словамі не апішаш, трэба бачыць на ўласныя вочы. Гаспадары зрабілі нашай групе і цікавую экскурсію па музеі. Сімпатычны юнак Марыс з захапленнем і энтузіязмам распавядаў гісторыю роднага краю і паказваў артэфакты, знойдзеныя групай пошука ў наваколлі Яунолайнэ з часоў I сусветнай вайны, і рэчы, якія падаравалі музею жыхары.

olaine 02
Пасля быў вялікі канцэрт. Ансамбль “Надзея” выступіў першым. Мы праспявалі шэсць песень, і трэба сказаць, што прымалі слухачы спевакоў вельмі цёпла. Падпяваць не падпявалі, бо не ведалі слоў і самі песні можа і не чулі раней, але ў далоні пляскалі ад душы, так што музычны кіраўнік ансамбля Ларыса Люцько засталася задаволенай і спевакамі, і авацыямі залы. Ды і глядзеўся калектыў на сцэне прыгожа ў народных бела-чырвоных строях.

olaine 03
Потым выступіў вакальны гурт “Ліра” рускай абшчыны горада Салдуса. Яны спявалі рускія народныя песні. А ў заключэнне на сцэну выйшаў ансамбль “Івушка” з Олайнскага дома культуры, так што канцэрт атрымаўся яркі, цікавы, і атмасфера стварылася самая сяброўская. Дзякуем дырэктару Олайнскага Дома культуры В.Янсанэ за цёплы прыём, жыхарам горада – за дабразычлівасць, а ўсім калегам-спевакам па ўсёй Латвіі жадаем творчых поспехаў.

Алёна Міцкевіч,
член рэдкалегіі газеты беларусаў Латвіі “Прамень”

Комментирование и размещение ссылок запрещено.

Комментарии закрыты.