wordpress themes.

Беларускі ручнік – традыцыйны элемент беларускай культуры.

Беларускі ручнік. Сувязь часоў.

На іх ад розных бед замовы,

Ва ўсе часы для нас яны –

Як сімвал матчынай любові,

Як знак людское дабрыні.

— Добры вечар, паважаныя жыхары горада! Мы рады бачыць вас на свяце, прысвечаным беларускаму ручніку! – Так 3 лютага ў малой зале Палаца культуры пачалося мерапрыемства «Беларускі ручнік. Сувязь часоў», якое падрыхтавала і правяло Беларускае культурна-асветніцкае таварыства «Уздым» у рамках праекта Саюза беларусаў Латвіі «Беларускі ручнік – традыцыйны элемент беларускай культуры».

Шмат стагоддзяў падтрымліваецца традыцыя ў беларускай культуры па ткацтву і вышыўкі ручнікоў. Ручнік адлюстроўвае гісторыю народа, яго дух, творчыя памкненні і мастацкае светаўспрыманне. Гэта найкаштоўнейшы здабытак беларускай культуры і мастацтва. Ручнікі маюць розныя назвы: напрыклад «выціральнік», якім выціралі рукі і вісеў ён на бачным месцы ў доме; «ручнік-падножнік» для жаніха і нявесты.

1

Выступаюць Валянціна Піскунова, Алёна Лазарева, Наталля Бальшакова, Светлана Крэбеле.

Вышывалі ручнікі на нараджэнне дзіцяці – яркіх, сонечных колераў, каб жыццё было светлым і добрым; на шлюб, якія павінна была вышыць сама нявеста – і не адзін, а не меней 30-і, каб падараваць сватам, шаферам, сваякам. А яшчэ былі ручнікі падарожныя, якія даваліся на шчасце ў далёкіх краях з замовай на дарогу дадому. А самыя прыгожыя ручнікі аздаблялі покуць з абразамі як заклінанне да Бога, каб ён заўсёды быў з сям’ей. Яшчэ ў кожнай гаспадыні меўся пахавальны ручнік са спецыяльнымі сімваламі Мараны, багіні смерці, і асобным арнаментам. І быў асобны ручнік – абярэг, які ткалі жанчыны ўсей вёскі, абыходзілі з ім усё паселішча і ўcкладалі пасля сваю працу на крыж, які стаяў на ростанях ля вёскі.

2

Перадача ручніка ад беларусаў Вентспілса беларусам Даўгаўпілса.

З гісторыяй беларускага ручніка знаёмілі вядучыя свята – Іна Валюшка, Вольга Паўловіч, Валянціна Ліпінская, Тэрэза Паўлава, Вера Сухарава, Людміла Сінякова. Усё дзейства свята суправаджалася паказам слайдаў, якія падрыхтавала Таццяна Дзянісава.

5

Людміла Сінякова, старшыня Даўгаўпілскага беларускага культурна-асветніцкага таварыства «Уздым», прыняла эстафету.

Яна рупліва знаёміла гледачоў з узорамі на ручніках – сімваламі жыцця, згоды, гасціннасці, мацярынскай любові, пладароддзя, кахання, Лады-багіні прыгажосці і юнацтва. Пранізлівыя задушэўныя вершы «Бабулін ручнік», «Дываны цёці Гені» прачытаў вядомы паэт Станіслаў Валодзька, і зала цёпла адазвалася апладысментамі.

8

Станіслаў Валодзька чытае свае вершы.

Гледачоў запрасілі зазірнуць у беларускую вясковую хату на зімовыя вячоркі. Вось тут і разгортваліся ўсё дзеянні. Жанчыны вышывалі, вязалі, маталі ніткі і размаўлялі. 3 іх размоў гледачы і пачулі цікавыя факты з гісторыі ручнікоў: пра асаблівасці каляровай гамы беларускіх ручнікоў, пра сімвалы, якія вышывалі жанчыны, аб прызначэнні ручнікоў. Змаглі падслухаць жаночыя размовы і пра мужчын. Хтосьці з жанчын выхваляўся сваім мужам, а хтосьці лаяў.

У госці на агеньчык зазірнуў калектыў украінскага таварыства «Мрыя» (кіраўнік Надзея Стахоўская), які пазнаёміў нас з гісторыяй украінскага ручніка. У культурах украінскага і беларускага народаў шмат агульнага. I ручнік таксама мае важнае значэнне.

Яны цудоўна праспявалі дзве народныя песні «Рідна мати моя» і «Летіла зозуля» і падзякавалі арганізатараў за такое мерапрыемства.

Гасцямі свята быў танцавальны калектыў «Балагуры» Рускай школы-ліцэя пад кіраўніцтвам Арыны Паповай, з якім ужо раней супрацоўнічаў «Уздым». Хлопцы і дзяўчаты парадавалі сваім выступленнем. Танцы «Гапак» і «Переплясы» вельмі спадабаліся гледачам.

9

Выступае дуэт Алёна Бучэль з сынам Паўлам Бучэль.

Дэбютаваў з прыпеўкамі на канцэрце выхаванец беларускай школы «Вясёлка», якая працуе пры таварыстве «Уздым», Павел Бучэль. Дапамагала, акампаніравала яму мама – Алёна Бучэль, выпускніца гэтай жа школы, а зараз намеснік старшыні праўлення «Уздым». Выдатны ў іх атрымаўся дуэт.

Запомнілася сольнае выступленне маладой спявачкі — Святланы Ліпінскай. I як заўсёды заваявала нас сваімі спевамі Зінаіда Сіліня.

Яркім было выступленне калектыву «Спадчына» пад кіраўніцтвам Яніны Юзэфовіч. У яго выкананні прагучала песня «Бацькоўскі кут» — музыка Станіслава Клімава, словы Станіслава Валодзькі. Заўсёды рады мы калектыву народнай песні «Купалінка», салістцы Любові Кавалёвай (кіраўнік Вячаслаў Пятроў) і танцавальнаму калектыву «Лянок» (кіраўнік Марына Медунецкая). Бо ні адно свята, канцэрт, якія арганізуе ЦБК або «Уздым», не абыходзяцца без іх удзелу. І на гэты раз кранула ўсіх іх сумеснае выкананне песні і танца «Ручнік» — музыка Альберта Белуся, словы Станіслава Валодзькі. А сам паэт прачытаў яшчэ два свае вершы “Бабулін ручнік” і “Дываны цёці Гені”.

6

Вядучыя свята Іна Валюшка, Вольга Паўловіч, Валянціна Ліпінская, Тэрэза Паўлава, Вера Сухарава, Людміла Сінякова знаёмяць з гісторыяй беларускага ручніка.

Беражліва захоўваюцца ў Цэнтры беларускай культуры ручнікі, якія збіралі члены таварыства «Уздым». Падчас свята была арганізавана выстава гэтых ручнікоў. Самы цікавы ручнік — гэта рэліквія сям’і Галіны Сантоцкай. Ручнік, якому больш за 100 гадоў. Вышывала яго бабуля Галіны Францаўны Канстанцыя Раўдановіч перад сваім вяселлем, а потым перадавалі яго з пакалення ў пакаленне. На ручніку вышыты дзве літара «К.Р.» і захаваўся ён вельмі добра. Магчыма таму, што быў прызначаны толькі для вяселля.

7

Вядучыя свята Іна Валюшка, Вольга Паўловіч, Валянціна Ліпінская, Тэрэза Паўлава, Вера Сухарава, Людміла Сінякова знаёмяць з гісторыяй беларускага ручніка.

Былі на выставе ручнікі тканыя і вышытыя, вясельныя і звычайныя, ільняныя і паркалёвыя. Зараз у калекцыі захоўваецца шмат сучасных ручнікоў фабрычнай вытворчасці, якія калектывы прывозяць з выступленняў, фестываляў. Але і яны нясуць у сабе шмат інфармацыі.

А далей слова было дадзена ганаровым гасцям. У сваёй прывітальнай прамове Валянціна Піскунова, старшыня Саюза беларусаў Латвіі, адзначыла, што беларусы пражывалі ў Латвіі на працягу многіх стагоддзяў, што гэта зямля ім не чужая. Беларусы сумленна працуюць на карысць рэспублікі, але і не забываюць свае карані – есць у Рызе беларуская школа імя Янкі Купалы, 23-і год выдаецца беларуская газета «Прамень», актыўна дзейнічаюць 15 культурна-асветніцкіх таварыстваў на карысць развіццю сувязей паміж Латвіяй і Беларуссю. І ў 2014 годзе нарадзілася ідэя вышыць агульны ручнік усім таварыствам як сімвал дружбы і яднання.

Прамову падхапіла Алёна Лазарева, старшыня Беларускага таварыства «Прамень», г.Рыга, аўтар і кіраўнік праекта. Яна расказала, што сямімятровы ручнік вышываюць па чарзе ўсе таварыствы, на сенняшні дзень ён ужо пабываў у пяці пунктах Латвіі і прыйшоў час для яго перадачы ад беларусаў Вентспілса беларусам Даўгаўпілса. У 2018 годзе у нас будуць святкавацца 2 важныя даты: 100-годдзе Латвійскай Рэспублікі і 15-годдзе Саюза беларусаў Латвіі, і гэты ручнік – сімвалічны дар яднання, міра і дабрабыту нашай рэспубліцы ад усіх беларусаў.

3

Перадача ручніка ад беларусаў Вентспілса беларусам Даўгаўпілса.

Пад гарачыя апладысменты прысутных яны разам са старшынёй Вентспілскага беларускага таварыства «Спадчына» Наталляй Бальшаковай разгарнулі вялікі рулон тканіны і паказалі ўсім распачатую працу.

4

Выступаюць консулы Рэспублікі Беларусь у Даўгаўпілсе Антаніна Уладзіміраўна Струнеўская і Дзмітрый Сяргеявіч Канстанцінаў.

Консул Рэспублікі Беларусь у Даўгаўпілсе Антаніна Уладзіміраўна Струнеўская адзначыла, што ідэя Саюза беларусаў Латвіі стварыць ручнік вельмі значная і пажадала: «У добры шлях!» А яе калега Дзмітрый Сяргеявіч Канстанцінаў дадаў, што вельмі прыемна зноў дакрануцца да нашай гісторыі, адчуць яе магутную духоўную сілу, даведацца шмат новага і цікавага і парадавацца за дух патрыятызма і любові да сваіх каранёў і традыцый.

Цепла павіншавала прысутных з цудоўным, першым масавым мерапрыемствам у гэтым годзе Жана Раманоўская, кіраўнік Цэнтра беларускай культуры ў Даўгаўпілсе, пажадала калектыву таварыства «Уздым» творчай актыўнасці ў далейшым, здароўя і дабрабыту і ўручыла Людміле Сіняковай грамату ад Даўгаўпілскай думы ў гонар яе юбілея.

Свята атрымалася!

Алёна Міцкевіч,

член рэдкалегіі газеты беларусаў Латвіі «Прамень»

(па матэрыялам Беларускага культурна-асветніцкага таварыства «Уздым»

і Цэнтра беларускай культуры г.Даўгаўпілса)

Комментирование и размещение ссылок запрещено.

Комментарии закрыты.