wordpress themes.

“Пакуль пяём на роднай мове мы…” – фестываль у Паставах

IMG_6685a

Выдатнае выступленне ў Міёрах прынесла добрые вынікі. Нас запрасілі на літаратурнае свята “Пакуль пяём на роднай мове мы, жыве зямля бацькоў, жыве Радзіма”, якое праходзіла ў г.Паставах у рамках міжнароднага фестываля “Звіняць цымбалы і гармонік”. У гэтым годзе фэстываль пачаўся з літаратурнага свята.

У свята два летазлічэнні, па аднаму яму 26, па іншым — 19. Больш малады ўзрост звязаны са статусам міжнароднага, які ён атрымаў у 1997 годзе, але сам фэст ужо перасягнуў мяжу ў чвэрць стагоддзя і з’яўляецца адным з найстарэйшых у Беларусі. На ім вырасла пакаленне пастаўчан, якія калісці прыходзілі за ручку з бацькамі паслухаць народныя напевы, а сёння ў калясках прывозяць сваіх дзяцей.

IMG_6628a

Сапраўды, усе ўдзельнікі з розных краін сустракаюцца быццам родныя людзі, нават тыя, хто на ім упершыню. Сярод звычаяў фестывалю ёсць старадаўні абрад “кумаванне”, праз яго праходзяць калектывы, абменьваюцца падарункамі і сяброўскімі абдымкамі. Але галоўнае — усіх радняць музыка, песні, танцы, якія адлюстроўваюць характар ​​народа. Таму атмасфера форуму ў старажытным гарадку на Віцебшчыне такая душэўная.

IMG_6638a

На свята нас запрасіла супрацоўніца гарадской бібліятэкі Людміла Косцень. У колькасці 11 чалавек наша дэлегацыя прыняла ўдзел у літаратурным свяце “Пакуль пяём на роднай мове мы, жыве зямля бацькоў, жыве Радзіма”.

Нас здзівіла значная колькасць паэтычных талентаў у Паставах. У нас была магчымасць пазнаёміцца з выданнямі паэтаў на выставе, паслухаць вершы у выкананні вучняў школ горада, а потым і саміх аўтараў. Свае вершы чыталі Ніна Захарэвіч, Янусь Малец, Ігар Пракаповіч і інш. Слухалі мы таксама і песні ў выкананні мясцовага калектыва “Маладзіца”. Прысутных жартаўліва запрасілі паўдзельнічаць у міжнародным спаборніцтве па касьбе травы. Абяцалі, што косаў-літовак хопіць на ўсіх.

Мы выступілі з праграмай, прысвечанай творчасці нашага сябра таварыства, члена Саюза пісьменнікаў Рэспублікі Беларусь Станіслава Валодзькі. У пачатку нашай сустрэчы з гледачамі старшыня таварыства “Уздым” Людміла Сінякова расказала аб дзейнасці грамадскага аб’яднання і Цэнтра беларускай культуры г.Даўгаўпілса.

IMG_6659a

Вершы С.Валодзькі чыталі сябры таварыства “Уздым”: Вольга Паўловіч, Людміла Сінякова, Галіна Сантоцкая, Валянціна Ліпінская і сам аўтар. У выкананні Юліі Хмяльніцкай і Аляксандра Лапы гучалі песні на вершы С.Валодзькі і музыку Альберта Белуся, Аляксандра Рудзя, Аляксея Мядзьведзева.

IMG_6667a

Напрыканцы выступлення мы падаравалі арганізатарам мерапрыемства латвійскія сувеніры і выданні беларускага таварыства “Уздым”. Экспромтам, можа не зусім удала, але ад душы, заспявалі “Развітальную песню” на словы С.Валодзькі. Гледачы шчыра адарылі нас апладысментамі.

IMG_6685a

У сваю чаргу кіраўнік аддзела ідэялагічнай работы, культуры і па справах моладзі Галіна Чаплінская выказала добрыя словы арганізатарам мерапрыемства і ўдзельнікам, падаравала нам на ўспамін пастаўскі сувенір – прыгожую ляльку.

Пасля смачнага абеду ў рэстаране ў нас была магчымасць пазнаёміцца з гарадскімі славутасцямі, музеямі, палацам Антонія Тызенгаўза і магазінамі.

IMG_6694a

Усім нам спадабалася паездка, завязаліся новыя знаёмства. Шкадавалі, што не было магчымасці прысутнічаць на прадаўжэнні фестываля.

Матэрыял падрыхтавала:
Вольга Паўловіч
намеснік старшыні таварыства “Уздым”
фотаздымкі Міколы Паўловіча

 

Комментирование и размещение ссылок запрещено.

Комментарии закрыты.