wordpress themes.

Творчая сустрэча ў Цэнтры беларускай культуры

Штогадовыя дні беларускай культуры ў Даўгаўпілсе ў рамках дзён Славянскай культуры стартавалі.
Па традыцыі іх адкрыў творчы вечар Станіслава Валодзькі, члена Саюза пісьменнікаў Рэспублікі Беларусь, члена беларускага таварыства «Уздым».

IMG_6323-

На сустрэчу са сваімі слухачамі паэт прыйшоў не з пустымі рукамі. За год, які прайшоў з нашай апошняй сустрэчы, выйшлі зборнікі вершаў «Калыханкі і пацешкі для Антошкі і Алешкі», зборнік песен даўгаўпілскіх аўтараў «Песенны горад» (зборнікі выдадзены Таварыствам латвійска-беларускай садружнасці пры падтрымцы Даўгаўпілскай гарадской думы).
На вечарыне гучалі новыя вершы і песні на беларускай, польскай, латышскай і рускай мовах на словы Станіслава Валодзькі кампазітараў Станіслава Клімава, Аляксандра Рудзя, Анатоля Мядзведзева, Таццяны Піменавай, Альберта Белуся, Віктара Антонава. Разам з паэтам мы гарталі старонкі яго твораў

IMG_6351-

Першая старонка — прысвечана радзіме. Размова пра родны сэрцу паэта Астравецкі раён пачалася вершам «Беларусі», які чытала Вольга Паўловіч. Песня «Матулін ручнік» у выкананні калектыву народнай песні «Купалінка» (кіраўнік Вячаслаў Пятроў) і танцавальнага калектыву “Лянок” (кіраўнік Алег Захарнев) кранула душу. Вершы і песні аб роднай зямлі асабліва хвалююць тых, хто воляй лёсу пакінуў свой «родны кут».
Але ёсць у С.Валодзькі і вясёлыя, жартоўныя песні. У выкананні калектыву «Ластаўкі» (кіраўнік Таццяна Піменава) мы слухалі “Мой косю”, падпявалі ім і танчылі разам з імі.

IMG_6354-

Ст.Валодзька займаецца перакладам вершаў з рускай, беларускай, латышскай, польскай моваў. І гэта наступная старонка яго творчасці. З ёй нас знаёмілі калектыў Цэнтра беларускай культуры «Пралескі» (кіраўнік Анастасія Малышава), калектыў «Купалінка», калектыў сеньёраў «Спадчына» (кіраўнік Яна Юзэфовіч). Новы зборнік песен быў падараваны ЦБК.
З цікавасцю мы слухалі пра тое, што выйшла новая кніга для дзяцей. Гэтую кнігу аўтар падараваў настаўніцам беларускай нядзельнай школе “Вясёлка”. А вершы з гэтага зборніка чытала выхаванка беларускай школы Лайма Казлоўская. У выкананні калектыву «Пралескі» прагучала «Песенка Вясёлкі», якая ў рамках праекта беларускага таварыства «Уздым», была запісаная ў студыі. Гэтая песня стала гімнам беларускай школы.

IMG_6350-

Гартаем далей старонкі творчасці Ст.Валодзькі — любоўная лірыка. Песні пра сустрэчы і растанні: «Наш масток» (салістка Юлія Хмяльніцкая), «Прызнанне» (саліст Валерый Коцегаў), «Обережная песня» (салістка Інга Дукшта), «Вогнішча на дваіх» (Іна Краліка). Асаблівую асалоду гледачы атрымлівалі ад выканання песен «Перамога», «Эх, сена духмянае!» Аляксандрам Лапа.

IMG_6361-

І зноў — пра родную мову, традыцыі. Гэта тое, чым жыве паэт: верш «Беларускае вяселле», з’явіўся пад уражаннем фестывалю «Беларускі кірмаш у Даўгаўпілсе».
На вечарыне былі прадстаўлены сайты uzdim.lv, vershy.ru, stihi.ru, на якіх размешчаны літаратурныя творы Станіслава Валодзькі.
Валянцін Лукашэвіч, доктар філалогіі, дацэнт кафедры латышскай літаратуры і культуры Даўгаўпілскага універсітэта, прадставіў зборнік навуковых прац «Robeža un diaspora literatūrā un kultūrā», дзе апублікаваны яго артыкул, прысвечаны беларускай дыяспары Латвіі і літаратурнай працы Станіслава Валодзькі.
Па традыцыі ў завяршэнні сустрэчы гучаў гімн беларускага таварыства «Уздым» і Цэнтра беларускай культуры «Беларускі дом».
Ст.Валодзьку віншавалі кіраўнік ЦБК Жанна Раманоўская, члены праўлення таварыства “Уздым” Вольга Паўловіч і Зінаіда Сіліня.

IMG_6331-
Літаратурную імпрэзу вяла метадыст ЦБК Марыя Памецька, якой С.Валодзька прысвяціў верш “Землячцы”.
Як заўсёды Беларускі дом быў рады гасцям, якія спяшаюцца на агеньчык, каб дакрануцца да беларускай культуры.
Вечар быў арганізаваны Цэнтрам беларускай культуры пры садзейнічанні беларускага таварыства “Уздым”.
Дні беларускай культуры працягваюцца … .

IMG_6314-

Матэрыял падрыхтавала:
Людміла Сінякова,
старшыня таварыства “Уздым”

Комментирование и размещение ссылок запрещено.

Комментарии закрыты.