wordpress themes.

Беларускай школе ў Рызе – 20 гадоў

Ганну Іванэ, дырэктара Рыжскай  беларускай асноўнай школы  імя Янкі Купалы, з юбілеем школы віншуюць Алёна Лазарева, старшыня Беларускага таварыства „Прамень“, і Валянціна Піскунова, старшыня Саюза беларусаў Латвіі

Ганну Іванэ, дырэктара Рыжскай беларускай асноўнай школы імя Янкі Купалы, з юбілеем школы віншуюць Алёна Лазарева, старшыня Беларускага таварыства „Прамень“, і Валянціна Піскунова, старшыня Саюза беларусаў Латвіі

Прытулак любові, купалаўскі дом …
С.Панізнік

17 студзеня 2015 года Рыж­ская Беларуская асноўная школа імя Янкі Купалы адзначыла сваё дваццаці­годдзе. Ва ўрачыстай зале сышліся дарослыя і дзеці, настаўнікі, госці, прадстаўнікі Пасольства, каб пагар­таць старонкі школьнай гісторыі, якая пачалася яшчэ ў 1991 годзе, калі на чале з Вячкам Целешам і пры яго ўдзеле з мастацкай студыі „Вясёлка” паўстала нядзельная школа, а праз тры гады пачаў працу першы беларускі клас.
Цікава адзначыць, што першым настаўнікам быў беларускі паэт і перакладчык Андрэй Гуцаў, які зараз жыве і працуе ў Мінску. Крыху пазней прыйдзе Тамара Антонаўна Станкевіч. Яна пакладзе шмат намаганняў і здольнасцей дзеля адраджэння бела­рускага школьніцтва ў Латвіі. Тамара Антонаўна будзе не проста настаў­ніцай, але і ініцыятарам правядзення беларускіх свят і проста добрым і надзейным сябрам усім, хто меў тады дачыненне да школы. Сёння ўжо Тамара Антонаўна адыйшла ў „лепшы” свет, але памяць пра яе захоўваецца ў сэрцах тых, каго з ёю звёў лёс.
Прайшлі гады, зараз школа налічвае 150 вучняў, 25 настаўнікаў. Гэта ўжо сапраўдная каманда, якая працуе над захаваннем нашай гісторыі, нашых традыцый, над сувяззю сённяшняга пакалення беларусаў з іх продкамі. Калі мы хочам захаваць сваю нацыя­нальную адметнасць у свеце, калі хочам „беларусамі звацца”, неабходна клапаціцца пра захаванне моўных, песенных, музычных традыцый.
Прыемна, што Дэпартамент па аду­кацыі, культуры і спорту, у асобе спадарыні Сандры Упітэ, даў высокую ацэнку педагагічнаму калектыву шко­лы. Усім настаўнікам былі ўручаны пахвальныя лісты.
Вельмі крануў і ўразіў сваім візітам намеснік Міністра адукацыі Рэспублікі Беларусь Руды Сяргей Валянцінавіч. Высокі госць станоўча ацаніў працу школы і выказаў свае меркаванні наконт будучыні. Сяргей Валянцінавіч запэўніў, што Беларусь сёння з вялікім клопатам і ўвагай ставіцца да Рыжскай школы і надалей адносіны да яе будзе лічыць найгалоўнейшым клопатам.
Словы віншавання прагучалі і ад Пасла Рэспублікі Беларусь у Латвіі Марыны Даўгаполавай. Пасол упэўне­на, што настаўнікі робяць усё дзеля таго, каб вучні сталі адукаванымі, творчымі, адказнымі людзьмі.

Надзвычайны і Паўнамоцны пасол Рэспублікі Беларусь у Латвійскай Республіцы Марына Даўгаполава і намеснік міністра адукацыі Рэспублікі Беларусь Сяргей Руды з удзельніками святочнага мерапрыемства.

Надзвычайны і Паўнамоцны пасол Рэспублікі Беларусь у Латвійскай Республіцы Марына Даўгаполава і намеснік міністра адукацыі Рэспублікі Беларусь Сяргей Руды з удзельніками святочнага мерапрыемства.

Так, у школе працуюць сапраўдныя прафесіяналы сваёй справы, шчырыя энтузіясты, патрыёты, у якіх крышачку больш напружана, чым у іншых, б’ецца сэрца. Дарагі настаўнік, усміхніся, стань святлейшым ад гэтай усмешкі сам, падары яе людзям, вучням сваім падары!
Свята ў школе… Музыка, спевы, пры­гажосць беларускіх строяў, адчуванне адзінства і еднасці, сапраўдны гонар за справу, якую па праву можна лічыць пачэснай. „Беларуская школа ў Латвіі – гэта здабытак усёй нашай дыяспары”, – лічыць Валянціна Аляксандраўна Піскунова, старшыня Саюза беларусаў Латвіі і даўні сябар школы. Сапраўды, школа ўдзячна ўсім, хто прымае актыўны ўдзел у яе жыцці не толькі ў святы, але і ў дні будзённыя. З гэтай нагоды шчырыя словы падзякі нашым прадпрымальнікам.
Сапраўды, у Купалаўскім доме, святла і згоды хапае на ўсіх. Пяшчотна і пранікнёна прагучалі віншаванні ад таварыства „Прамень” і ад ЛТБК „Сьвітанак”, музычных калектываў „Надзея” і „Вытокі”. Але ж, свята пройдзе, а праца будзе доўжыцца. Я жадаю сваёй роднай школе шмат год святой любві да маленькага чалавека, дабрыні і цярплівасці ў перадоленні цяжкасцяў і як мага болей таленавітых і ўдзячных вучняў. Светлага табе шляху, Рыжская Беларуская асноўная школа імя Янкі Купалы!

Ганна Іванэ, дырэктар Рыжскай беларускай асноўнай школы

Комментирование и размещение ссылок запрещено.

Комментарии закрыты.